Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц
Пад такім дэвізам з 19 па 23 лютага ў ліцэі праходзіў тыдзень беларускай мовы, літаратуры і культуры. Мэта – фарміраванне станоўчай матывацыі да вывучэння роднай мовы, літаратуры і гісторыі, стварэнне ўмоў для таго, каб навучэнцы маглі праявіць сябе, выпрабаваць уласныя сілы ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах.
Кожны дзень арганізатары напоўнілі цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі тым, хто цікавіцца роднай культурай.
У першы дзень прайшла ўрачыстая прэзентацыя тыдня. З прамовай выступіла выкладчыца Ерыкава Іна Леанідаўна. Яна сказала, што мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.
Навучэнцы з цікавасцю паглядзелі беларускія мультфільмы. Адзін з іх быў прысвечаны беларускім прымаўкам і прыказкам. Крынічнымі словамі, залацінкамі мудрасці называюць прыказкі. З іх дапамогай мы засвойваем і перадаём нашчадкам духоўныя скарбы народа. У іх думкі цэлых пакаленняў, якія перадавалі адно аднаму сваю філасофію, вопыт, паэзію, моўнае майстэрства. Потым з прапанаваных слоў навучэнцы складалі прыказкі. Дзень прадоўжыла акцыя “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”. У другі дзень тыдня навучэнцы прадстаўлялі выставу “Маё любімае беларускае слова”, а ў бібліятэцы ліцэя Нямковіч А.М. наладзіла выставу “Пісьменнікі-юбіляры”.
На трэці дзень адбыліся алімпійскія гульні “Знаўцы роднай мовы”. Удзельнічалі чатыры каманды навучэнцаў. Усе атрымалі салодкія прызы, а самай лепшай стала каманда “Мовазнаўцы”. Дзень прадоўжыўся пазакласным урокам “Матуліна песня. Калыханкі.” Усе прысутнічаючыя спявалі беларускія песні разам з выкладчыцай Тамарай Валянцінаўнай Рухловай.
У чацвер адбылося адкрыццё выставы “Хата з матчынай душой”. Педагог-арганізатар Алена Мікалаеўна Цісецкая пад час экскурсіі адзначыла, што пры яркім свеце бліскавіцы відаць ўсё навокал, а пры святле свечкі на покуці ў матчынай хаце, пры святле малітвы ў душы відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ўясніцца шлях ў будучыню.
Пяты дзень адзначыўся інтэрактыўнымі гульнямі “Скарбонка роднай мовы”. Навучэнцы разгадвалі крыжаванкі,. рашалі тэсты, выконвалі практыкаванні. Самыя актыўныя ўдзельнікі ўзнагароджаны салодкімі прызамі. І завяршыла тыдзень сэлфі па-беларуску. |