Народная культура – найважнейшая частка нашай гістарычна-культурнай спадчыны. За многія стагоддзі свайго існавання беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў замках, абарончых і культавых збудаваннях, народным жыллі і бытавых рэчах, рыцарскай амуніцыі і ўзбраенні, нацыянальным адзенні, узорных тканінах, разнастайных прамысловых вырабах, духоўных традыцыях, звычаях, абрадах і інш. Гістарычны вопыт паказвае, што традыцыйная народная і прафесійная культуры суіснуюць разам у творчых стасунках і ўзаемадачыненнях. Няўмольны час і ваенныя ліхалецці мянялі культурны ландшафт нашай краіны, не пашкадавалі шматлікіх помнікаў нацыянальнай культуры, шэдэўраў самабытнай народнай творчасці.
Кожны чалавек выбірае для сябе той шлях, тыя арыенціры і каштоўнасці, якіх будзе прытрымлівацца ўсё жыццё. Імі могуць быць устойлівыя маральныя прынцыпы, традыцыі, што склаліся ў народзе. Любоў да Радзімы, да свайго народа, роднага краю, культуры, мовы з’яўляецца трывалай каштоўнасцю для любой нацыі.
З мэтай прапаганды і папулярызацыі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны нашай краіны ў 1995 годзе быў створаны музейны пакой (Загад № 3/02- ад 09.01.1995г), які складаецца сёння з двух музейных памяшканняў, адно з якіх размешчана на першым паверсе будынка каледжа ў ізаляванай рэкрэацыі. Другое музейнае памяшканне размешчана на другім паверсе каледжскага інтэрната. Налічваецца 664 экспанаты асноўнага фонду і 114 – дапаможнага.
У музейных памяшканнях працуе аб’яднанне па інтарэсам “Каледжская скарбонка”. Адным з галоўных і самым любімым напрамкам дзейнасці ўдзельнікаў аб’яднання з’яўляюцца экскурсіі. Навучэнцы знаёмяць наведвальнікаў з двумя галоўнымі экспазіцыямі: “Гісторыя каледжа” і “Беларускі этнас”. Навучэнцы-экскурсаводы вывучаюць экспанаты музея, адшукваюць інфармацыю аб іх, пішуць тэксты экскурсій, праводзяць экскурсіі для навучэнцаў каледжа. Яны таксама папаўняюць музей экспанатамі, даглядаюць рэчы.
Пры знаёмстве з першай экспазіцыяй музея “Гісторыя каледжа” можна даведацца пра гісторыю ўзнікнення каледжа і прасачыть этапы яго станаўлення, набыць звесткі пра знакамітых выпускнікоў і выкладчыкаў. Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны каледж – адзін са старэйшых каледжаў нашай Рэспублікі. Наш каледж вядомы далёка за межамі Беларусі. Сюды наведваліся прадстаўнікі Англіі, Афганістана, Германіі, В’етнама, Іспаніі, Румыніі, Францыі, Кітая, Польшчы і амаль усіх краін СНД. За гады існавання каледжа падрыхтавана звыш пяцідзесяці тысяч кваліфікаваных спецыялістаў для розных галін прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. Каледж ператварыўся ў буйны цэнтр навучання і выхавання моладзі.
Асноўныя раздзелы экспазіцыі “Гісторыя каледжа” наступныя:
- Заснаванне каледжа.
- Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
- Выхаванец каледжа Герой Савецкага Саюза Гінтаўт Вітольд Міхайлавіч.
- Станаўленне каледжа пасля вайны.
- Станаўленне творчага калектыву каледжа ў 50-60-я гады.
- Росквіт каледжа ў 70-80-я гады.
- Міжнародныя сувязі каледжа.
- Выпускнікі каледжа ў жыцці.
- Майстры і выкладчыкі ў розныя гады.
Экспазіцыя “Беларускі этнас” расказвае пра побыт беларусаў, асаблівасці вядзення гаспадаркі, прадстаўляе прадметы розных рамёстваў. Гэтыя экспанаты даюць уяўленне пра тое, як жылі, працавалі нашы продкі. На сённяшні дзень налічваецца больш за сто экспанатаў асноўнага фонду. Ёсць ганчарныя вырабы, самаробны посуд, саматканыя посцілкі, настольнікі, прылады працы, сялянскія рэчы, ступа, дзіцячая люлька. Усе экспанаты музея знаходзяцца ў станоўчым выглядзе, вядзецца пастаянны догляд за імі.
